Andrej-Tyurin
Беларусь Главные Новости Горячая Новость Политика События

Што стаіць за звальненьнем і затрыманьнем былога начальніка аховы Лукашэнкі

Адстаўка і меркаванае затрыманьне намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі Андрэя Ўцюрына — сымптом таго, што Лукашэнка пачаў сумнявацца ў палітычнай ці асабістай ляяльнасьці кіраўнікоў сілавых структураў.

Сьцісла

  • Аляксандар Лукашэнка звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
  • Павінна было здарыцца нешта надзвычайнае, каб затрымаць чалавека такога рангу.
  • У Беларусі спэцслужбы сочаць адна за адной, а Лукашэнка не давярае нікому. Магчымы расейскі сьлед — гэта цікавы паварот у справе Ўцюрына.
  • Андрэя Ўцюрына не пасадзяць, бо ён валодае шматлікімі дзяржаўнымі тайнамі.

Меркаванае затрыманьне намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі, які раней 7 гадоў узначальваў службу аховы Аляксандра Лукашэнкі стала рэзананснай палітычнай падзеяй. Пра гэта 29 красавіка са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамілі шэраг недзяржаўных мэдыя. 30 красавіка зьявіўся ўказ Лукашэнкі, датаваны 24 красавіка, пра звальненьне палкоўніка Андрэя Ўцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, за што Лукашэнка звольніў намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі

Сілавікоў такога ўзроўню ў Беларусі за краты дасюль не садзілі. Пакуль інфармацыі вельмі няшмат, мала зразумела, што яму інкрымінуюць. Але нават з самога факту затрыманьня можна зрабіць шэраг важных высноваў.

Сумненьне ў ляяльнасьці сілавікоў

У Беларусі раней арыштоўвалі міністраў, пад суд трапіла кіраўніца спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова. Былі выпадкі, што асуджалі генэралаў (намесьнік старшыні Памежнага камітэту генэрал Яўген Камарніцкі). Аднак выпадак з Уцюрыным асаблівы. Гэта намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі, былы начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта. І магчымы кандыдат на пасаду дзяржсакратара, бо Станіслаў Зась, які займае цяпер гэтую пасаду, зьбіраецца стаць генэральным сакратаром АДКБ.

Стаўленьне Лукашэнкі да сілавікоў вельмі своеасаблівае. Як у любым аўтарытарным рэжыме, яны — галоўная апора, найважнейшы інструмэнт утрыманьня ўлады. Кіраўнік Беларусі вельмі даражыць ляяльнасьцю сілавых структураў, таму даруе іх кіраўнікам шмат якія грахі.

Калі ў 2007 годзе кіраўніцтва КДБ выйшла з-пад кантролю і яго давялося тэрмінова мяняць, то Лукашэнка накіраваў старшыню Камітэту дзяржбясьпекі Сьцяпана Сухарэнку амбасадарам у Армэнію, арыштоўваць не наважыўся. Таму павінна было здарыцца нешта надзвычайнае, каб затрымаць чалавека такога рангу. Наўрад ці прычына такой надзвычайнасьці — хабар.

Затрыманьне Ўцюрына — сымптом таго, што Лукашэнка пачаў сумнявацца ў палітычнай ці асабістай ляяльнасьці кіраўнікоў сілавых структураў. Дарэчы, шмат разоў анансаваная нарада па выніках праверкі працы гэтых органаў так дасюль і не праведзеная. Што стварае дадатковую інтрыгу.

Лукашэнка не давярае нікому

Гэтая гісторыя пацьвярджае тое, пра што мы дасюль ведалі ці толькі здагадваліся. А менавіта: спэцслужбы сочаць адна за адной, а кампрамат нясуць Лукашэнку. Бо каб затрымаць намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі, трэба ж было яго шмат «пасьвіць», прычым дазвол на сачэньне мог даць толькі адзін чалавек. То бок вышэйшыя чыноўнікі ў Беларусі — самыя несвабодныя людзі ў краіне, яны ня могуць гаварыць тое, што думаюць, нават дома на кухні. Так што не зайздросьціце ім.

Катэдж у элітным пасёлку Дразды (паведамлялася, што дом Уцюрына ў Драздах-2 апячатаны) — не гарантыя посьпеху і дабрабыту. Гэта залатая клетка. Як той казаў, калі вы ходзіце па камэры, гэта яшчэ ня значыць, што вы не седзіце.

Начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта — самая давераная асоба кіраўніка дзяржавы. Гэтаму чалавеку беларускі лідэр давярае сваю бясьпеку, лёс, жыцьцё. І калі афіцэр, які сем гадоў займаў такую пасаду, трапляе ў апалу — то гэта трывожны сымптом. Лукашэнка не давярае нікому. Увесь час жыць у такім псыхалягічным стане — цяжкае выпрабаваньне.

Магчымы расейскі сьлед

Блогер NEXTA піша: «Афіцыйная прычына затрыманьня — хабар у асабліва буйным памеры ($ 150000). Неафіцыйная — ну нельга занадта сябраваць з вышэйшымі чыноўнікамі Расейскай Фэдэрацыі, калі адносіны зь ёй пакідаюць жадаць лепшага. А ўжо хабар бы як-небудзь даравалі — не ўпершыню».

Вось магчымы расейскі сьлед — гэта цікавы паварот. Пытаньне пра расейскі ўплыў на сілавыя структуры Беларусі — вечная тэма ў беларускай экспэртнай супольнасьці. Тут шмат чутак і амаль поўная адсутнасьць фактаў.

Вельмі цяпер дарэчы зьвярнуцца да досьведу Ўкраіны, дзе ў момант вострага крызісу высьветлілася, як шмат прадстаўнікоў сілавога блёку працавала на Расею.

І, дарэчы, ужо экс-пасол Расеі Міхаіл Бабіч сустракаўся зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым, міністрам МУС Ігарам Шуневічам.ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прышэсьце і адкліканьне амбасадара Бабіча, які абвастрыў расейска-беларускія дачыненьні

Дарэчы, дасюль на кіроўных пасадах у Беларусі было шмат чыноўнікаў, якія нарадзіліся не ў Беларусі. «Наша Ніва» прыводзіць інфармацыю: «Калі паглядзець біяграфіі дзяржсакратара Рады бясьпекі (Станіслава Зася), а таксама трох ягоных намесьнікаў, то высьветліцца, што ў Беларусі нарадзіўся толькі Міхаіл Пузікаў».

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч (зьлева), Аляксандр Лукашэнка і дзяржсакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч (зьлева), Аляксандр Лукашэнка і дзяржсакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась

Не да канца зразумела, чаму Лукашэнка праводзіць менавіта такую кадравую палітыку. Магчыма, ён лічыць, што выхадцы зь іншых рэспублік былога СССР будуць больш адданыя пэрсанальна яму. Таксама, верагодна, мае значэньне той факт, што людзі, якія нарадзіліся за межамі Беларусі, паводле Канстытуцыі ня маюць права балятавацца на пасаду прэзыдэнта.

Якая б ні была прычына такой кадравай палітыкі, але цяпер, падчас вострагаканфлікту з Расеяй, гэта можа стаць праблемай. Магчыма, перад намі пачатак чысткі кіраўніцтва ад патэнцыйных прарасейскіх прыхільнікаў?

Прагноз «справы Ўцюрына»

Выкажу прагноз. Цяжка паверыць, што Андрэя Ўцюрына пасадзяць за краты на шмат гадоў паводле судовага выраку. Бо з чалавекам, які валодае такімі шматлікімі дзяржаўнымі тайнамі, у тым ліку з асабістага жыцьця Лукашэнкі,нельга паступаць, як са звычайным хабарнікам. Ён вельмі шмат ведае. Таму, думаю, альбо справа да суду ня дойдзе, альбо сытуацыя будзе разьвівацца пасхеме, апрабаванай на Галіне Жураўковай. То бок суд вынесе вырак, а потымпрэзыдэнт памілуе вязьня і выпусьціць на волю пад гарантыю ягонага маўчаньня.